top of page

Лэнд-арт: гісторыя і разважанні пра беларускае і бразільскае сучаснае мастацтва



Таццяна Віркоўская, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт


Таццяна Віркоўская родам з Беларусі, жыве ў Мінску. Па першай адукацыі яна інжынерка-электарка. Аднойчы яна праслухала анлайн-курс па гісторыі мастацтва і яе жыццё стала паступова адыходзіць ад тэхнічнай сферы. Яна пачала сачыць за мясцовымі фестывалямі гарадскога мастацтва, такімі як Vulica Brasil, і пісаць на сваёй старонцы ў сацсетках кароткія артыкулы пра муралы, якія з'яўляліся ў Мінску. Зараз яна вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на бакалаўрскай праграме "Медыя і камунікацыя". Таццяна працягвае цікавіцца сучасным мастацтвам. У 2021 годзе яна напісала курсавую працу, у якой даследавала арт-практыкі мадэрнізму і прычыны, якія прывялі да з’яўлення фігуры куратара на арт-рынку ў сярэдзіне ХХ стагоддзя.
 
Якія выявы прыгадваюцца першымі, калі мы чуем слова "мастацтва"? Аб’екты, якія знаходзяцца ў музеях ці галерэях. Яны знаходзяцца ў межах мастацкіх інстытуцый. Іх абралі эксперты для экспанавання. Ёсць таксама прыклады мастацтва звонку: скульптуры і статуі. Яны знаходзяцца па-за межамі інстытуцый, але прыкручаны шрубамі да пэўнага месца і звычайна пільна ахоўваюцца, што таксама сведчыць аб тым, што гэтыя аб’екты маюць мастацкую каштоўнасць. Мастацкая каштоўнасць вымяраецца ў грошах. І гэта адзін з аспектаў, які падштурхнуў мастакоў да пераасэнсавання тэрміна мастацтва ў XX ст.

З сярэдзіны XX ст ў свеце пачалі адбывацца розныя канфлікты: вайна ва В'етнаме, рух за правы афраамерыканцаў у ЗША, другая хваля фемінізму. Мастацтва ў галерэях было адасоблена ад гэтых сацыяльна важных рухаў.

Мастакі шукалі іншыя інструменты, іншую форму, іншыя практыкі. Яны імкнуліся з іх дапамогай супрацьстаяць камерцыялізацыі мастацтва, а таксама выйсці з музейнай і галерэйнай прасторы. Адным з кірункаў мастацтва, які з’явіўся падчас такіх пошукаў, стаў лэнд-арт.

Лэнд-арт выдзеліўся ў асобную мастацкую плынь ў канцы 1960-х гадоў. Мастакі лэнд-арту працуюць з ландшафтам і прыроднымі матэрыяламі. У адрозненні ад архітэктараў ці скульптараў, якія таксама "убудоўваюць" свае працы ў прыроднае асяроддзе, для мастакоў лэнд-арту прырода не фон, а каляжанка, з якой мастакі і мастачкі супрацоўнічаюць каб атрымаць патрэбныя вынікі.



Легенды ленд-арту


Роберт Смітсан (Robert Smithson, 1938 1973, ЗША)


Роберт Смітсан, мастак з ЗША, стаў першым, хто выклаў думкі наконт сувязі мастацтва і ландшафту ў эсэ "Выпадзенне розуму ў асадак: земляныя праекты". У эсэ Смітсан называў свае працы "земляныя работы”, бо тэрміна лэнд-арт яшчэ ва ўжытку не было. Эсе было надрукавала ў часопісе Artforum у 1968 годзе. У ім Роберт агучыў наступныя думкі:


1. Канцэпцыя "месца" і "не месца".


"Месца" — гэта работы, якія змешчаны ў ландшафце і арганічна з ім звязаныя. "Не месца" — гэта кампазіцыя, якая ўяўляе сабой камяні, пясок ці часткі іншых прыродных матэрыялаў. Яны сабраны ў пэўным месцы і выстаўлены ў музеі разам з мапай і фотаздымкамі той тэррыторыі, адкуль мастак іх узяў. "Я распрацаваў канцэпцыю "не масца", якое фізічна ўтрымлівае ў сябе кавалак "месца". <…> Гэта трохмерная перспектыва, якая адарвалася ад цэлага і змяшчае ў сябе недахоп уласнага зместу. У гэтых рэштках няма таямніц, няма слядоў канца ці пачатку".


2. Мастацтва павінна дэманстраваць сучасныя праблемы.


Мастацтва павінна не толькі ўпрыгожваць, але і прыцягваць увагу да эканамічных, экалагічных і іншых праблем сучаснасці. Таму лепшыя месцы для стварэння земляных работ гэта "месцы, якія былі разбураныя з-за прамысловасці, бяздумнай урбанізацыяй, ці ўласным спусташэннем прыроды".


3. Аб’екты ландшафтнага мастацтва пачынаюць прыходзіць у заняпад з моманту стварэння.


"Калі аб’ект разглядаецца праз прызму часу, ён ператвараецца ў нешта, што з’яўляецца нічым. Гэта ўсёпаглынальнае пачуццё стварае ўяўнае поле для аб’екта, так што ён перастае быць простым аб'ектам і становіцца мастацтвам".

Самым знакамітым аб’ектам Роберта Смітсана з’яўляецца "Спіральная дамба". Яна ілюструе канцэпт "месца". Спіральная дамба зроблена ў 1970 годзе і знаходзіцца на Вялікім Салёным возеры ў штаце Юта, ЗША.
Роберт Смітсан, Спіральная дамба, ЗША. Даўжыня — 450 м., шырыня — 4,5 м., максімальная далечыня ад берага — 170 м. Для яе пабудовы спатрэбілася амаль 7000 тон камянёў базальту. Photo: CC BY 2.0 by Water Alternatives Photos, 2020

Вада ў возеры мае чырвонае адценне з-за бактэрый і водарасцяў, якія вельмі добра пачуваюцца ў салёнай вадзе. Дамба будавалася з вялікіх глыб чорнага базальту і мае выгляд сцежкі, якая ўваходзіць у водную прастору і закручваецца на ёй у спіраль. Калі аб’ект быў толькі пабудаваны, сцежка была чорнага колеру, а вада каля яе выглядала крывава чырвонай. З цягам часу на чорных камянях з’явіўся белы саляны налёт, таму зараз колер вады вакол дамбы выглядае ружовым.

Роберт Смітсан, Спіральная дамба, ЗША. Photo: CC BY 2.0 by David O. Stevens, 2007

Роберт Смітсан, Спіральная дамба, ЗША. Photo: CC BY-NC 2.0 by Michelle Roach, 2008

У год стварэння дамбы ў возеры быў нізкі ўзровень вады, але праз два гады ён падняўся, і дамба апынулася пад вадой. Наступныя 30 год яна рэдка з’яўлялася з-пад вады. З 2002 года "Спіральная дамба" шмат часу знаходзіцца вышэй узроўню вады і дасяжная для агляду.

Роберт Смітсан, Спіральная дамба, ЗША. Photo: CC BY-NC 2.0 by DennyMont, 2007

Да аб’ектаў, якія датычацца "не месца", адносяцца інсталяцыі, якія Роберт Смітсан ладзіў у будынку музея. Напрыклад, аб’ект "Не месца № 1 ці Земляныя работы ў памяшканні". Гэта былі металічныя скрынкі, напоўненыя зямлёй, пяском ці камянямі. Побач са скрынкамі змяшчалася мапа месца, адкуль была ўзята зямля і фотаздымкі месца. Месцам быў аэрадром у форме шасцікутніка ў штаце Нью-Джерсі, ЗША. З яго цэнтра разыходзіліся ў розныя бакі шэсць узлётных палос. Усю плошчу аэрадрома мастак разбіў на 31 сектар. У кожным сектары набраў зямлі і змясціў яе ў металічных кантэйнерах.

Роберт Смітсан, Не месца № 1 ці Земляныя работы ў памяшканні. Photo: CC BY-NC 2.0 by Rob Corder, 2017


"Уласна кажучы, "не месца" — гэта 31 алюмініевы кантэйнер сіняга колеру, кожны з якіх змяшчае пясок з фактычнага месца".

Сувязь паміж "месцам" і "не месцам" усталёўвалася з дапамогай фотаздымкаў і мапы, якія выстаўляліся разам з кантэйнерамі.


Алан Сонфіст (Alan Sonfist, н. 1946, ЗША)


У 1965 годзе мастак Алан Сонфіст пачаў праект "Пейзаж часу", які доўжыўся 10 год. Цягам гэтага тэрміна, Алан на плошчы 7м х 12м у цэнтры Манхэтэна вырасціў лес з дрэваў, якія раслі ў гэтай мясцовасці шмат стагоддзяў таму ў дакаланіяльны перыяд.

Алан Сонфіст, Пейзаж часу, Нью-Йорк, ЗША. Photo: CC BY-SA 3.0 by Asonfist, via Wikimedia Commons, 1965
Алан Сонфіст, Пейзаж часу, Нью-Йорк, ЗША. Photo: CC BY-NC-ND 2.0 by Wally Gobetz, 2007






Уолтэр дэ Марыя (Walter de Maria, 1935 — 2013, ЗША)


Мастак Уолтер де Марыя ў 1968 годзе зрабіў праэкт "Нью-Йоркскі земляны пакой". Яго можна наведаць і сёння. Праца знаходзіцца ў Нью-Йорку па адрасе 141 Wooster Street. Гэта адна з лакацый арганізацыі Dia Art Fundation, якая захоўвае працы мастакоў сярэдзіны XX стагоддзя. Інсталяцыя займае пакой плошчай 335 квадратных метраў, дзе на падлозе ляжыць слой вільготнай зямлі вышынёй 56 см. На інсталяцыю можна пазіраць з адчыненых дзвярэй. Пах зямлі ўзбуджае асабістыя ўспаміны. Дарэчы, для ўсіх наведвальнікаў уваход вольны.

Уолтэр дэ Марыя, Нью Йоркскі земляны пакой, Нью-Йорк. Photo: CC BY-NC-SA 2.0 by trevor.patt, 2013

Уолтэр дэ Марыя, Нью Йоркскі земляны пакой, Нью-Йорк.

Наступная праца мастака — "Поле маланак". Яна зроблена ў 1977 годзе. Праца знаходзіцца ў ЗША, штат Нью-Мексіка. Аб’ект уяўляе сабой 400 металічных слупоў вышынёй 6 метраў. Слупы ўсталяваны на плошчы 1 км х 1 мілю (1,61 км). Падчас навальніцы гэта поле павінна лавіць маланкі, але гэта здараецца рэдка. Праект функцыянуе і ў нашы дні, але паглядзець на яго магчыма толькі пры папярэднім браніраванні на ноч пакоя ва ўсталяваным побач з полем будынкам. Акрамя гэтага наведвальнікам забаронена рабіць фотаздымкі.

Уолтэр дэ Марыя, Поле маланак, Нью-Мексіка, ЗША.


Рычард Лонг (Richard Long, н. 1945, Англія)


Рычард Лонг стварыў "Пратаптаную лінію" у 1967 годзе, калі быў студэнтам. Ён некалькі разоў прайшоўся адным і тым жа шляхам па лузе з травой. Атрымалася роўная сцежка вытаптанай травы. Рычард зрабіў фотаздымак сцежкі і потым дэманстраваў яго як аб’ект. У той час гэта была наватарская праца, бо яна адлюстроўвала думку аб тым, што мастацкая форма можа быць зроблена таксама з дапамогай ног, простымі крокамі.

Рычард Лонг, Пратаптаная лінія, Англія.



Нэнсі Холт (Nancy Holt, 1938 — 2014, ЗША)


Аб’ект "Сонечныя тунэлі" знаходзіцца ў пустыні ў штаце Юта. Ён уяўляе сабой чатыры бетонныя тунэлі 5,5 м у даўжыню і 2,7 м у дыяметры. Тунэлі размяшчаюцца ў форме "Х" і скіраваны на кропкі ўсходу і заходу сонца падчас летняга і зімовага сонцастаяння.

Нэнсі Холт, Сонечныя тунэлі, ЗША.

Нэнсі Холт, Сонечныя тунэлі, ЗША. Photo:CC BY 2.0 by Alison Jean Cole, 2019

У верхняй частцы тунэляў прасвідраваны адтуліны такім чынам, што калі ў іх трапляе сонечны свет, то на ўнутранай паверхні тунэляў промні ствараюць схемы чатырох сузор’яў: Цмока, Персея, Голуба, Казярога. Нэнсі стварыла аб’ект ў 1976 годзе, але ён дасяжны для агляду і ў нашы дні.

Нэнсі Холт, Сонечныя тунэлі, ЗША. Photo: CC BY 2.0 by Retis, 2015

Нэнсі Холт, Сонечныя тунэлі, ЗША.



Агнэс Дэнес (Agnes Denes, н. 1931, Венгрыя)


У 1982 годзе Агнэс Дэнес ачысціла ад камянёў і смецця кавалак зямлі плошчай 100 м х 80 м. На гэтай зямлі ў Манхэтане, недалёка ад Сусветнага гандлёвага цэнтра, знаходзіўся гарадскі сметнік. Пасля гэтага на падрыхтаванае поле прывезлі 200 грузавікоў зямлі і пасадзілі пшаніцу. Так з’явіўся праект "Пшанічнае поле —супрацьстаянне". Агнэс цягам чатырох месяцаў клапацілася аб пшанічным полі і ў канцы сезону сабрала 455 кг добрага ўраджаю. Праект прыцягнуў увагу да выбару, які мы робім, калі размяркоўваем нашы рэсурсы.
Агнэс Дэнэс, Пшанічнае поле – супрацьстаянне, ЗША. Photo:CC BY-NC 2.0 by michael peng, 1982
 

Сучасныя мастакі лэнд-арту


Джым Дэневан (Jim Denevan, н. 1961, ЗША)


Мастак Джым Дэневан з 2010 года стварае часовыя малюнкі на пяску, зямлі, снезе. Маштабныя выявы складаюцца з кругоў, спіралей і іншых геаметрычных ліній. Убачыць увесь малюнак можна толькі з вышыні. Цікава, што мастак не робіць эскізаў і не выкарыстоўвае падчас працы ніякіх вымяральных прыбораў, але фігуры атрымліваюцца роўнай геаметрычнай формы. Джым тлумачыць, што ўся справа ў практыцы. Мастак працуе над адной кампазіцыяй каля сямі гадзін, але яны жывуць не доўга, асабліва на пляжы, дзе праз некалькі гадзін іх змывае прыліў.







Джым Дэневан


Эндрю Роджэрс (Andrew Rogers, н. 1947, Аўстралія)


Эндрю Роджэрс — выбітны скульптар і мастак лэнд-арту. Самы знакаміты яго праект "Рытмы жыцця" пачаўся ў 1998 годзе. Ён складаецца з вялізарных каменных скульптур і геогліфаў — геаметрычных або фігурных узораў, якія нанесены на зямлю і звычайна складаюць у даўжыню больш за чатыры метры. "Рытмы жыцця" — гэта 51 аб’ект, які знаходзіцца ў 16 краінах: Балівія, Чылі, Кітай, Ісландыя, Індыя, Ізраіль, Кенія, Намібія, Непал, Славакія, Шры-Ланка, Турцыя, ЗША, Антарктыда, Гішпанія, Аўстралія. Аб’екты такія вялікія, што яны бачны з космасу.

Эндрю Роджэрс, геогліф “Падарунак”, Турцыя. Аб’ект завершаны ў 2007 годзе і мае памеры 60 х 60 м. Выява ўзята з наскальнай выявы, якой 6000 год.. Photo: CC BY-NC-SA 4.0 by Sercan Küçükşahin/Anadolu Agency, via Middle East Monitor, 2018

Адзін геогліф паўтараецца ў 14 месцах. Яго можна знайсці ў 14 краінах з пералічаных вышэй. Назва гэтага геогліфа адпавядае назве праекта — "Рытмы жыцця". Форма геогліфа ўсюды аднолькавая, але ў кожнай краіне ён мае сваё ўвасабленне. Геогліф адлюстроўвае непрадказальнае жыццёвае падарожжа.

Эндрю Роджэрс, геогліфы "Рытмы жыцця" і "Атлатль", ЗША. Аб’екты завершаны ў 2008 годзе. Агульныя памеры выяў 50м х 50м.

У першыя часы існавання праекту мастак уручную пераносіў малюнак з мапы на мясцовасць і вызначаў патрэбныя кропкі з дапамогай рулеткі. Зараз кропкі малюнка вызначаюцца з дапамогай GPS. Гэта скараціла працэс "малявання" эскіза на зямлі з сямі дзён да двух.

Эндрю Роджэрс, геогліф “Размолванне”, Турцыя. Аб’ект завершаны ў 2009 годзе і мае памеры 100 х 100 м. Гэта выява старажытнага жорна, якім карысталіся ў гэтай мясцовасці. Photo: CC BY-NC-SA 4.0 by Sercan Küçükşahin/Anadolu Agency, via Middle East Monitor, 2018

Эндрю Роджэрс падкрэслівае, што не гледзячы на тое, што кожны аб’ект буйнамаштабны, усе яны толькі кропкі ў космасе. Якімі б вялікімі ні былі намаганні чалавека, у гісторыі міра гэта крупінкі. Некаторыя геогліфы займаюць плошчу да 40.000 квадратных метраў (прыкладна чатыры футбольныя полі).


Эндрю Роджэрс, каменная канструкцыя "Адзін дзень на Зямлі", Турцыя. Аб’ект завершаны ў 2009 годзе і мае памеры 31,5 м х 51 м х 19,5 м. Photo: CC BY-NC-SA 4.0 by Sercan Küçükşahin/Anadolu Agency, via Middle East Monitor, 2018


Майкл Хэйзер (Michael Heizer, н. 1944, ЗША)


Майкл Хэйзер працаваў над лэнд-арт аб’ектам "Горад" 50 гад, пачынаючы з 1972 года. Аб’ект уяўляе сабой комплекс скульптур, якія знаходзіцца ў пустыннай мясцовасці ў штаце Невада, ЗША. Скульптуры займаюць плошчу 2 км х 0,4 км і зроблены з камянёў, пяску і бетону. Самыя высокія з іх дасягаюць 24 м. У 2022 годзе аб’ект адкрыўся для наведвання. Гэта самы вялікі сучасны арт-аб’ект на планеце.

 

Лэнд-арт у Бразіліі


Нуна Рамас (Nuno Ramos, н. 1960, Сан-Паўлу, Бразілія)


Нуна — вельмі разнастайная персона. Дасягненні ў галіне мастацтва - гэта толькі адзін бок яго асобы. Як пісьменнік, ён мае некалькі выдадзеных кніг і атрымаў літаратурную прэмію Portugal Telecom у 2009 годзе. Як кінарэжысёр ён зняў некалькі кароткаметражак. Неад’емная частка яго лэнд-арт прац — гэта мора, скалы, глеба і час.

У 2000 годзе Бразілія адзначала 500-годдзе. На гэту падзею можна глядзець па-рознаму. У 1500 годзе гэта краіна была адкрыта партугальскімі мараплаўцамі, але гэта падзея прывяла да прыгнёту і знішчэння мясцовых жыхароў, бо неўзабаве пасля адкрыцця пачалася каланізацыя. Да гэтай даты інстытут Itaú Cultural запрасіў некаторых мастакоў зрабіць працы, якія б пасавалі да размяшчэння на межах краіны. Itaú Cultural — гэта ўстанова, якая займаецца захаваннем, даследаваннем і распаўсюджваннем мастацкіх ініцыятыў.

Адной з такіх прац стала кампазіцыя "Мінуану" (Minuano). Слова "мінуану" азначае халодны вецер, які дзьме на поўдні Бразіліі з сакавіка па верасень. Кампазіцыя складаецца з пяці мармуровых блокаў. Кожны блок вышынёй каля трох метраў. Па форме яны нагадваюць не вельмі роўныя паралелепіпеды. У кожную мармуровую глыбу ўбудавана люстэрка. У залежнасці ад вугла позірку, ў люстэрках адбіваюцца зямля, неба, сонейка. Мастак праводзіць аналогію з паўночнаамерыканскімі індзейцамі, якія выкарыстоўвалі люстэркі для перадачы сігналаў на вялікія адлегласці. Дакладныя каардынаты кампазіцыі невядомы. У 2010 годзе гэта месца наведала экспедыцыя. Са слоў яе ўдзельнікаў, кампазіцыя захавалася, але адна з пліт павалілася на зямлю. Удзельнікі экспедыцыі знайшлі месца параўноўваючы фотаздымкі з працай са спутнікавай мапай мясцовасці. Кампазіцыя знаходзіцца на мяжы Бразіліі з Уругваем і Аргентынай, на ферме на адлегласці 22 км ад г. Барра-ду-Куараі (Barra do Quaraí).

Нуна Рамас, Мінуану, мяжа з Уругваем і Аргентынай, Бразілія. Photo: MINUANO. In: ENCICLOPÉDIA Itaú Cultural de Arte e Cultura Brasileira. São Paulo: Itaú Cultural, 2023.
Acesso em: 12 de maio de 2023. Verbete da Enciclopédia.

ISBN: 978-85-7979-060-7


Наступная праца знаходзіцца ў музеі-парке Музеу-ду-Асуджы (Museu do Açude) у Рыа-дэ-Жанейра і называецца "Каладу" (Calado). Гэта слова мае некалькі значэнняў. Як назоўнік, слова азначае глыбіню апускання карабля ў ваду. Як прыметнік, "каладу" — маўклівы або скрытны. Праца зроблена ў 2003 годзе з асфальту, паленага масла і загартаванага шкла. Яна ўзвышаецца поперак сцежкі. "Каладу" зроблена на кантрасце паміж прыродай і штучным аб’ектам. Яна — пра беспарадак, у якім аб’ект нібыта знаходзіцца не на сваім месцы, бо перашкаджае ісці па роўнай сцежцы. Гэта праца пра пачуццё дзівацтва, якое адчуваюць сучасныя людзі.

Нуна Рамас, Каладу, Рыа-дэ-Жанейра, Бразілія. Photo: CC BY-NC 2.0 by thefuturistics, 2008


Яшчэ адзін аб’ект Нуна называецца "Матакан" (Matacão) ці метэарытны дождж. Ён быў зроблены ў 1996 годзе, але нават не быў адкрыты для публікі. Аб’ект знаходзіўся на ўездзе ў муніцыпалітэт Арландыя (Orlândia), штат Сан-Паўлу, калі ехаць з боку Рыбэйран-Прэту (Ribeirão Preto), каля кальцавой дарогі.

Кампазіцыя складаецца з 12 вялікіх гранітных валуноў вагой да 25 тон. Пад кожны валун у зямлі вырыта яма па форме падобная да формы валуна. Глыбіня ям — да 2,5 м. Некаторыя валуны хаваліся ў яму амаль цалкам, некаторыя напалову. Унутраная паверхня ямы зацэментавана. Падаецца, што валуны ляжаць у вялізных скрынках.

На тэрыторыі, дзе быў зроблены аб’ект, планавалі арганізаваць парк, але нешта пайшло не так. Парк не з’явіўся, а метэарытны дождж ужо быў пабудаваны, таму ён застаўся ўзаемадзейнічаць з прыродай: зямля зарасла пустазеллем, навокал скаплівалася смецце, а ў зацэментаваных ямах стаяла вада, таму яны ператварыліся ў месца, вельмі прывабнае для маскітаў. Здарылася сапраўднае, хай і не запланаванае, узаемадзеянне аб’екта з прыродай, якое здараецца з усімі лэнд-арт аб’ектамі.


Нуна Рамас, Матакан, Арландыя (штат Сан-Паўлу), Бразілія. Photo: MATACÃO. In: ENCICLOPÉDIA Itaú Cultural de Arte e Cultura Brasileira. São Paulo: Itaú Cultural, 2023.
Acesso em: 12 de maio de 2023. Verbete da Enciclopédia.
ISBN: 978-85-7979-060-7
 

Нэльсан Фелікс (Nelson Felix, н. 1954, Рыа-дэ-Жанейра, Бразілія)


Другі аб’ект, які быў створаны да 500-годдзя Бразіліі, — гэта праца Нэльсана Фелікса "Меза" (Mesa), што ў перакладзе з партугальскай значыць "стол". Аб’ект створаны ў 1999 годзе і сапраўды нагадвае стол, бо ўяўляе стальную стальніцу даўжынёй у 51 метр. Стальніца трымаецца над паверхняй зямлі на падпорках з эўкаліпту. З двух бакоў стальніцы пасаджаны па 11 саджанцаў інжыру. Праз пэўны час ствалы інжыраў павялічацца ў дыяметры і ўпруцца ў стальніцу. Яны пачнуць ціснуць на яе, дэфармаваць. Стальніца са стваламі стане адным цэлым. Да гэтага часу падпоркі з эўкаліпту згніюць, але стальніца не абрынецца на зямлю. Яе ўжо будуць утрымліваць ствалы, і яна пачне ўзнімацца ўвысь па меры росту дрэваў.

Аб’ект змяшчаецца каля муніцыпалітэту Уругуаяна (Uruguaiana), штат Рыу-Грандэ-ду-Сул, на тэрыторыі Федэральнага ўніверсітэта Пампы (Universidade Federal do Pampa). Яго бачна на Google-мапе. Каардынаты: -29.83418215629996, -57.104247866596225



Наступная праца мастака таксама зроблена так, каб раскрывацца толькі з цягам часу. "Пустое сэрца" (Vazio Coração) зроблена ў 1999 годзе. Гэта вялікі шар з мармуру. Па акружнасці шара ўнутр убіты жалезныя штыфты. Мастак усталяваў шар на пляжы Прайя-Редонда (Praia Redonda), што ў штаце Сеара (Ceará). Шар дрэйфаваў у вадзе, яго абмывалі хвалі, і з цягам часу жалезныя штыфты павінны былі акісліцца і павялічыцца ў памерах. У выніку мармуровы шар раскалоўся на дзве часткі.


Нэльсан Фелікс, Пустое сэрца, Прайя-Редонда, штат Сеара, Бразілія.


Анджэла Веноза (Ângelo Venosa, 1973 — 2022, Сан-Паўлу, Бразілія )


Трэцім аб’ектам, які быў зроблены ў 1999 годзе і прымеркаваны да 500-годдзя Бразіліі, стала скульптурная кампазіцыя "Алеф" (O Aleph) мастака Анджэла Венозы. Гэта быў круглы лабірынт, які займаў плошчу 1200 квадратных метра. Сцены лабірынта былі пабудаваны з камянёў керамаграніту вышынёй 45-65 см. Калі глядзець на працу зверху, то яе контуры нагадвалі адбітак пальца. "Алеф" знаходзіўся ў парку Батува (Batuva) у г. Сантана-ду-Лівраменту (Santana do Livramento) на мяжы Бразіліі і Уругвая. Але ў пачатку 2000-х аб'ект быў знішчаны. Па меркаванню супрацоўнікаў парку, працу разабралі мясцовыя жыхары, бо вакол гэтага месца не існуе агароджы і ноччу яно таксама не ахоўваецца.

З аднаго боку сумна, што "Алеф" ужо нельга пабачыць у жывую. З іншага боку, насамрэч працэс узаемадзеяння публічнага аб’екта з прыродай ці чалавекам – гэта нармальны працэс жыцця аб’ектаў сучаснага мастацтва. Мастацтвам ужо з’яўляюцца не самі аб’екты, а працэсы ўзаемадзеяння з імі.

Анджэла Веноза, Алеф, Сантана-ду-Лівраменту, мяжа Бразіліі і Уругвая. Photo: O Aleph. In: ENCICLOPÉDIA Itaú Cultural de Arte e Cultura Brasileira. São Paulo: Itaú Cultural, 2023. Acesso em 14 de maio de 2023. Verbete da Enciclopédia.
ISBN: 978-85-7979-060-7

 

Наступная праца Анджэла Венозы знаходзіцца, як і праца Нуна Рамаса, у парке-музеі Музеу-ду-Асуджы (Museu do Açude). Аб’ект называецца "Ghabaah" і з’явіўся тут у 2016 годзе. Праца выканана з драўляных пласцінак, якія прымацаваны адна да адной так, што складваецца ўражанне нібыта аб’ект пакрыты невялічкімі прыступкамі ці луской. Пласціны прымацованы адна да адной з дапамогай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў будоўлі лодак. Ghabaah пафарбаваны ў чорны колер і выглядае вельмі футурыстычна.

Анджэла Веноза, Ghabaah, Рыа-дэ-Жанейра, Бразілія.


Артур Баріа (Artur Barrio, н. 1945, Партугалія)


Мастак нарадзіўся ў Партугаліі, але з 1955 па 1974 гады жыў і вучыўся ў Бразіліі. Пасля ён жыў у Парыжы і Амстэрдаме. Таму зараз яго жыццё размеркавана паміж Рыа-дэ-Жанэйра, Амстэрдамам і горадам Экс-ан-Праванс на поўдні Францыі.

Артур Баріа таксама зрабіў аб’ект лэнд-арту да 500-годдзя Бразіліі. Звычайна ён працуе з менш даўгавечнымі матэрыяламі, але ёсць і выключэнні. У 2000 годзе на мяжы з Уругваем мастак зрабіў шэраг аб’ектаў, якія агулам называюцца "Тры з паловай кнігі" (Três Livros e Meio). Гэта кампазіцыя складаецца з пяці вялікіх каменных пліт, якія мастак знайшоў у гэтай мясцовасці. Уздоўж пліт былі высечаны роўныя доўгія раўкі, якія надавалі ім падабенства са стопкай кніг. Мастак расклаў пліты ў наступных месцах:

- на пустэчы ля мэрыі ў г. Шуі (Prefeitura do Chuí). Дарэчы ў гэтым горадзе мяжа паміж Бразіліяй і Уругваем праходзіць наўпрост пасярэдзіне адной з вуліц гораду.
- на беразе ракі Шуі, у г. Барра-ду-Шуі (Barra do Chuí).
- у муніцыпалітэце Санта-Віторыя-ду-Палмар (Santa Vitória do Palmar).
- у лесе, недзе паміж вышэйназванымі гарадамі.

Апошняя, пятая "кніга" была кінута ў мора, таму яна існуе толькі ў запісах мастака аб праекце. "Тры з паловай кнігі" запрашаюць да пошукаў і знаёмству з мясцовым краявідам.


Сірон Франку (Siron Franco, н. 1947, штат Гаяс, Бразілія)



Мастак нарадзіўся ў Бразіліі і быў знаёмы з мастацтвам карэнных народаў Бразіліі, але самую вялікую экспазіцыю народа Каража (Karajá) ён убачыў у 1970-х у парыжскім антрапалагічным Музеі чалавека. З таго часу ён пачаў больш пільна вывучаць розныя аб’екты карэнных народаў і абдумваць мастацкія ідэі, у якіх можна было б іх выкарыстаць. Вынікам стаў Помнік карэнным народам, які мастак зрабіў у 1992 годзе. У той год помнік складаўся з 492 бетонных калон, да якіх у 2000 годзе дадаліся яшчэ восем. Вышыня калон была крыху больш за 2 м. Плошча, па якой яны размеркаваны, мела абрысы мапы Бразіліі. Калоны не толькі абрысоўвалі контур краіны па перыметру, але і запаўнялі плошчу ўнутры. Калоны былі не маналітнымі, яны складаліся з асобных бетонных граняў. Палова калон мела чатыры грані, а другая палова — тры.

На гранях Сірон размясціў артэфакты — тры тысячы копій прадметаў карэнных народаў: прадметы быту, прадметы для пэўных абрадаў, маскі, выявы багоў, жывёл і інш. Таксама на гранях змяшчаліся тры з паловай тысяч надпісаў, і яшчэ 500 надпісаў былі нанесены зверху на тарцах калон.

Сірон Франку, адна з выяў з Помніка карэнным народам.

Атрымаўся адмысловы лабірынт, у якім можна было блукаць і пазнаваць культуру карэнных народаў Бразіліі. Калоны былі абнесеныя звонку колам з асфальтавай сцежцы. Кола мела 60 м у дыяметры і ўзнімалася над паверхняй зямлі на невялічкіх слупах. З аднаго боку быў зроблены пад’ём. Такім чынам па асфальтавай сцежцы можна было шпацыраваць і аглядаць калоны крыху прыўзняўшыся над зямлёй.

Колькасць калон носіць сімвалічны характар — гэта колькасць год, якія прайшлі ў гісторыі Бразіліі з таго моманту, як краіну адкрылі партугальскія мараплаўцы, але гэта падзея прывяла да прыгнёту і знішчэнню мясцовых жыхароў, бо неўзабаве пасля адкрыцця пачалася каланізацыя.

У 2000 годзе была круглая дата — 500 год. І гэта падзея святочна адзначалася. Помнік карэнным народам звяртаў увагу на знікненне этнічных плямён, якія насялілі краіну спрадвеку.

У наш час помнік зруйнаваны. Амаль усе слупы збіты кувалдай, а копіі артэфактаў скрадзены. На пачатку гэтага працэсу Сірон набыў 20.000 метраў калючага дроту і абматаў калоны звонку некалькі разоў. Але гэта не выратавала становішча.


Зараз засталася толькі кальцавая асфальтавая сцежка. Пляцоўка ўнутры яе зарастае пустазеллем, а ад магутнай мапы Бразіліі засталася адна калона.

Месца знаходжання рэшткаў Помніка карэнным народам: Апарэсіда-ді-Гаянія (Aparecida de Goiânia), паміж вуліцамі Барау-ду-Фламенгу (Barão do Flamengo) і Кампу-Белу (Campo Belo).

Сірон Франку, рэшткі Помніка карэнным народам на Google Street View, Aparecida de Goiânia (Goiás), Brasil

Яна ўзвышаецца як незламаны сімвал і нясе ў сябе ўсе коды, якія мастак закладваў у сваю працу. Яна адлюстроўвае мапу этнічных народаў Бразіліі. Падобна да героя ў вершы польскага паэта ЗбігневаГэрбэрта:

"…і калі Горад загіне, але застанецца адзін,
ён будзе несці Горад у сабе па дарогах выгнання,
ён будзе Горад…"

Сірон Франку, Помнік карэнным народам: ад з’яўлення да зруйнавання.

Яшчэ адна праца Сірона Франку, якая поўнасцю знішчана, знаходзілася ў горадзе Сальвадор (штат Баія) каля вадаёма Дзікі-ду-Тараро (Dique do Tororó). Гэта было вялізнае пано з плоскімі фігурамі ў выглядзе наскальных выяў старажытных народаў Бразіліі. Пано плошчай 1350 квадратных метраў складалася з 454 фігур і знаходзілася ля дарогі на зацэментаваным узгорку. Гэта былі копіі малюнкаў, знойдзеныя ў пячорах Бразіліі. Мастак адабраў 54 унікальныя выявы і зрабіў на іх аснове стылізаваныя копіі. Сярод іх былі фігуркі чалавека, птушак, жывёл, рэптылій. Фігуры былі адліты з перапрацаванага алюмінію і прымацаваны да квадратных асноў, якія размяшчаліся па ўсёй плошчы пано на аднолькавай адлегласці адна ад адной. Дзякуючы асновам, фігуры крыху ўзнімаліся над пано. Сонечнае святло адбівалася на іх бліскучай паверхні. Праца знаёміла гледачоў з формамі наскальных малюнкаў, зробленымі больш за 10.000 год таму. Аб’ект быў выкананы ў 2002 годзе, калі гораду Сальвадору споўнілася 454 гады.

Мастак выканаў працу ў рамках праекта па перапрацоўцы адходаў кампаніі, якая адказвае за ачыстку гораду. Для яе вытворчасці спатрэбілася 10 тон перапрацаванага алюмінію. Менавіта ён прывабліваў мясцовых жыхароў, якія паступова зрэзалі ўсе фігуры. Зараз ад працы засталася толькі бетонная панэль з квадратнымі асновамі, да якіх калісьці былі прымацаваны фігуры.

Сірон Франку, рэшткі пано на Google Street View. Дзікі-ду-Тараро (Dique do Tororó), Саўвадор (штат Баія), Бразілія.
 


Лэнд-арт у Беларусі


Bazinato (н. 1982, Беларусь)


Bazinato — псеўданім мастака Базыля Стахіевіча. Мастак працуе ў розных кірунках і адзін з іх — лэнд-арт. Некаторыя працы Базыль робіць толькі для фота, а некаторыя пакідае ў прыродным асяроддзі і назірае як іх мяняе прырода. Але бывае, што аб’екты трансфармуюцца не пад уплывам прыродных працэсаў, а ад рук чалавека.

"Зрабіў пяць аб’ектаў, але і іх знайшлі! Частку пасеклі сякерай, частку парэзалі, спрабавалі спаліць — незразумела навошта", — так распавядае Базыль пра творы, якія ён рабіў у лесе на пнях. "Так што лэнд-арт — гэта дакладна не пра вечнасць, гэта пра вітальнасць, пра трансфармацыі", — заключае мастак. Яго словы пераклікаюцца з думкамі Роберта Смітсана аб аб’ектах лэнд-арту, якія адразу пасля стварэння пачынаюць пакрысе прыходзіць у заняпад.

У 2018 годзе на фестывалі SPRAVA Базыль зрабіў праект «Дрэва». На фестывалі SPRAVA мастакі ўзаемадзейнічаюць з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі. Падчас такой супрацы з’яўляюцца аб’екты сучаснага мастацтва ў тым ліку і лэнд-арт. Праект «Дрэва» адлюстроўвае супрацу мастака і вялікага вяза, мастака і прыроды. Базыль так распавядае пра сваю працу:

"У глыбіні лесу я знайшоў стары вяз, знізу пакрыты цвіллю і мохам. Грыбы і мох забіралі ў вяза энергію і здароўе. Я вырашыў зрабіць лячэбны масаж з мясцовай гліны і выкарыстаць яе антыбактэрыяльныя і антыгрыбковыя ўласцівасці. На працягу двух дзён я старанна ўціраў і пакрываў усе хворыя месцы дрэва глінай, насычаючыся зусім новым досведам".

Bazinato, Дрэва, Беларусь, 2018. Photo: © Bazinato. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

Некаторым аб’ектам Базыль дае парадкавыя нумары і аб’ядноўвае іх пад адной назвай. Напрыклад, "Мімікрыя". Тэрмін мімікрыя азначае прыстасоўванне або ахоўную рэакцыю жывых арганізмаў, у выніку якой яны набываюць падабенства з іншымі арганізмамі або прадметамі навакольнага асяроддзя.

Базыль апісвае Мімікрыю 04: "Усе мы зараз праходзім вельмі хуткі і драматычны момант сацыяльнай мімікрыі. Гэта складаны комплекс ахоўных мер і спосабаў сацыяльна-палітычнага характару, якія дазваляюць выжыць і самазахавацца тым сацыяльным групам, сілам і сацыяльным пластам, для якіх у грамадстве ўзніклі невыносныя ўмовы жыцця".

Bazinato, Мімікрыя 04, Беларусь, 2022. Photo: © Bazinato. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

Bazinato, Мімікрыя 06, Грузія, 2022.
Photo: © Bazinato. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

На фестывалі SPRAVA, які праходзіў у 2022 годзе, Базыль зноў працаваў разам з прыродай і ў выніку атрымаўся аб’ект "Дэкаратыўная біямаса 3". Праца мае парадкавы нумар, таму што яна таксама ўваходзіць у адмысловую серыю. Пра гэты аб’ект мастак распавядае наступнае:

"Ствараючы мільярды новых працэсаў і рэчаў, мы спазнаем прыроду навакольнага свету. У гэтым спазнанні вельмі часта мы ствараем зусім непатрэбныя працэсы і рэчы, разбураючы свет вакол сябе. Але нягледзячы на іх непатрэбнасць і разбуральнасць, яны заўсёды знаходзяць сваё месца і ўбудоўваюцца ў біяхімічныя інтэрфейс нашай планеты".


Bazinato, Дэкаратыўная біямаса 3,Беларусь, 2022. Photo: © Bazinato. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

Bazinato, Ледзяная кветка, Беларусь, 2022. Photo: © Bazinato. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.


Творчая майстэрня ЭХО


Каманда ЭХО складаецца з творчага дуэта Васіля Цімашова і Паліны Піраговай. Мастакі робяць аб’екты з лазы і змяшчаюць іх ў гарадской ці прыроднай прасторы.

У 2016 годзе ў Беларускім Бярэзенскім запаведніку на сцежцы міфалогіі з’явіўся "Пушчавік" — дух лесу.

ЭХО, Пушчавік, Беларусь, 2016. Photo: © ECHO. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

У 2017 годзе мастакі зрабілі аб’ект "Лакатар". Ён пабываў і ў гарадской прасторы і ў прыродным асяроддзі. Выкарыстоўваць Лакатар можна так, як гэта робіць спадар на фотаздымку: залезці на верх, назіраць на сусветам і ўбіраць энергію сонца.

ЭХО, Лакатар, Беларусь, 2017. Photo: © ECHO. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.


Таксама ў 2017 годзе дуэт зрабіў аб’ект "Энергія прыроды" для фестывалю вулічнага мастацтва Vulica Brasil. Аб’ект зроблены з лазы і знаходзіцца на вуліцы Кастрычніцкай. Ён мае форму труб, якія выходзяць з зямлі і нібыта пранікаюць у будынак з чырвонай цэглы. Дарэчы гэта мусіць самая файная рэклама моцы лазы як матэрыялу для вулічных аб’ектаў, бо "Энергія прыроды" захавалася да гэтага часу.

ЭХО, Энергія прыроды, Беларусь, 2017. Foto: © Jaŭhien Cinkievič. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.

У 2021 у Горадню з’явілася «Птушынае кафэ». Яно знаходзіцца ў лесапарку «Пышкі». Аб’ект складаецца з трох кармушак і кожная па форме нагадвае сучасныя слухаўкі без правадоў.

ЭХО, Птушынае кафэ, 2021. Photo: © ECHO. Выкарыстоўваецца з дазволу аўтара.


Лэнд-арт і новае разуменне мастацтва


Лэнд-арт, як і іншыя кірункі мастацтва, якія ў сярэдзіне XX стагоддзя выйшлі за межы мастацкіх галерэй, прынеслі і замацавалі ідэю таго, што мастацкія аб’екты могуць дэманстравацца не толькі ў межах мастацкай інстытуцыі. Яны могуць знаходзіцца дзе заўгодна. Таму асэнсаванне гэтага накірунку прыводзіць да наступнага:

- у мастацтве лэнд-арту адсутнічае не толькі інстытуцыйныя прастора, але і аўтар, бо аб’екты зліваюцца з прыродным атачэннем, і нідзе побач няма шыльды з апісаннем аб’ектаў;

- лэнд-арт не ўлічвае кропку з якой на аб’ект глядзяць людзі. Каб убачыць шматлікія аб’екты цалкам, трэба глядзець на іх з вышыні птушынага палёту.

Таму лэнд-арт складана ці ўвогуле немагчыма манетызаваць, у адрозненне ад мастацтва, змешчанага ў межы галерэй і музеяў.

Nota Bene

Нашыя продкі тысячы год таму таксама рабілі нешта падобнае на лэнд-арт. Напрыклад, геогліфы ў Перу. Даследнікі лічаць, што іх стварылі цывілізацыі Наска, якія жылі ў гэтай мясцовасці да II ст. н.э. Першы раз іх заўважылі ў 1939 годзе. Выявы "намаляваны" траншэямі з глыбінёй да 50 см і шырынёй да 135 см.

Лініі Наска, Малпа, Перу. Photo: CC BY-SA 4.0 by Diego Delso, via Wikimedia Commons, 2015

Таксама Стоунхэндж — каменнае збудаванне, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён. Дата яго заснавання — XXX ст. да н.э.

Стоунхэндж, Велікабрытанія. Photo: CC BY 2.0 by thegarethwiscombe, 2007


Гэтыя аб’екты падобны да лэнд-арту? Так, безумоўна. Эндрю Роджэрс стварае падобныя працы. Ці з’яўляюцца яны прыкладам лэнд-арту? Не, бо яны створаны з іншай мэтай: не з мастацкай, а з практычнай. Яны створаны не для таго, каб узняць у грамадстве нейкі дыскурс, а для таго, каб здзейсніць нейкі рытуал. Лэнд-артам мы можам называць толькі тыя аб’екты, якія мастакі свядома рабілі як мастацтва.


Спасылкі

  1. https://holtsmithsonfoundation.org/biography-robert-smithson

  2. https://www.artforum.com/print/196807/a-sedimentation-of-the-mind-earth-proposals-36602

  3. https://www.artforum.com/print/196807/a-sedimentation-of-the-mind-earth-proposals-36602

  4. https://www.artforum.com/print/196807/a-sedimentation-of-the-mind-earth-proposals-36602

  5. https://www.artforum.com/print/196807/a-sedimentation-of-the-mind-earth-proposals-36602

  6. https://holtsmithsonfoundation.org/spiral-jetty

  7. https://holtsmithsonfoundation.org/spiral-jetty

  8. https://www.alansonfiststudio.com

  9. https://www.alansonfiststudio.com/install/time-landscape

  10. http://www.walterdemaria.org

  11. https://www.diaart.org/visit/visit-our-locations-sites/walter-de-maria-the-new-york-earth-room-new-york-united-states/main/earthroom

  12. https://www.diaart.org/visit/visit-our-locations-sites/walter-de-maria-the-lightning-field

  13. http://www.richardlong.org/index.html

  14. http://www.richardlong.org/Sculptures/2011sculptures/linewalking.html

  15. https://holtsmithsonfoundation.org/biography-nancy-holt

  16. https://www.diaart.org/exhibition/exhibitions-projects/nancy-holt-sun-tunnels-site/location/nancy-holt-sun-tunnels

  17. http://www.agnesdenesstudio.com

  18. http://www.agnesdenesstudio.com/works7.html

  19. https://www.instagram.com/jimdenevan/ https://jimdenevan.com

  20. https://www.instagram.com/andrewrogersart/ https://www.andrewrogers.org

  21. https://www.andrewrogers.org/land-art/china/rhythms-of-life-4

  22. http://www.tripleaughtfoundation.org

  23. https://www.nunoramos.com.br

  24. https://www.nunoramos.com.br/trabalhos/minuano

  25. http://museuscastromaya.com.br

  26. https://www.nunoramos.com.br/trabalhos/calado-gustavo-moura-vicente-de-melo-making-of

  27. https://www.nunoramos.com.br/trabalhos/matacao/

  28. https://nelsonfelix.com.br/en/

  29. https://nelsonfelix.com.br/en/obras/projetos/berceuse/ The path on the page: CRUZ NA AMÉRICA [CROSS IN AMERICA], 1985 - 2004→MESA - PAMPA [TABLE - PAMPA], 1997 - 1999

  30. https://nelsonfelix.com.br/en/obras/projetos/berceuse/ The path on the page: CRUZ NA AMÉRIKA [CROSS IN AMERICA], 1985 - 2004 → VAZIO CORACAO - LITORAL [HEART EMPTINESS - SEACOAST], 1999 - 2003

  31. https://angelovenosa.com/ https://www.instagram.com/angelo.venosa

  32. http://museuscastromaya.com.br

  33. https://arturbarrio-trabalhos.blogspot.com/https://www.instagram.com/barrioartur

  34. https://www.instagram.com/bazinato/

  35. https://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=2393&mode=print

  36. https://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&DomainName=mast&id=2393&mode=print

  37. https://www.instagram.com/p/CO8ffmTnGPP/

  38. https://www.instagram.com/p/CeOZsdGIMY3/

  39. https://www.instagram.com/p/ChIDq4OoVBm/

  40. https://www.instagram.com/echo_minsk/

  41. https://www.instagram.com/bazinato/

  42. https://www.instagram.com/p/CeOZsdGIMY3

  43. https://www.instagram.com/p/ChIDq4OoVBm

  44. https://www.instagram.com/echo_minsk



bottom of page