Ramon Martins
(36 год, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая, 19-5)
Што малюе:Працягне свой грамадны мурал з жывёламі партрэтам жанчыны.
Гэты вар’ят прыязджаў летась на Vulica Brasil. Напэўна, ты бачыў(-ла) яго агромністую псіхадэлічную сцяну з выявамі зубра, пеўня, жорава і аленя? Гэты мастэрпіс яшчэ зафіксаваны як самы вялікі мурал у свеце, зроблены адным мастаком. Дык вось, гэты вар’ят вяртаецца! Побач з масівам завода ўзвышаецца шматпавярховік, якім і спакусіўся Рамон – там ён, верагодна, намалюе партрэт. Яго рэкорд ужо спрабуюць пабіць, таму ён вырашыў вярнуцца і канчаткова абазначыць, хто тут найкруцейшы.
Рамон Марцінс нарадзіўся ў Сан-Паўлу, але вырас у вёсцы разам з бабуляй. Праз пастаянныя пераезды ягоная творчасць – гэта неверагодны мікс тэхнік і візуальнай мовы з усяго свету: дзікая трапічная прырода, арганічныя дэкаратыўныя эскізы, матывы бразільскага барока, гарадская вулічная культура, азіяцкая антычная традыцыя, поп-культура і контркультура, масавая адзінота і ананімныя партрэты – ці можаш ты сабе ўявіць гэта?
У 2005-м Рамон атрымаў бакалаўра выяўленчых мастацтваў у Guinard School of Art у Белу-Арызонці ды адразу там дэбютаваў у галерэі сучаснага мастацтва Léo Bahia Arte Contemporanea. У 2009-м Рамона запрасілі на ротэрдамскі R.U.A Festival, у межах якога ён стварыў шыкоўны мурал Love Spreads. Затым ён браў удзел у сан-паўлаўскай выставе De Dentro Para Fora De Fora Para Dentro, якую, паводле падлікаў куратараў, наведалі 140 тысяч чалавек за 10 тыдняў. Ягоныя працы можна знайсці ў Музеі сучаснага мастацтва ў Рыа-дэ-Жанэйра і Музеі мастацтва ў Сан-Паўлу, а таксама на сценах Бразіліі ды Еўропы.
Тэкст ўзяты з 34mag.net