Imai Yusk
(34 гады, Сан-Паўлу, Бразілія / Берлін, Германія)
Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая 19-5)
Што малюе: Цяпер мастак не можа дакладна сказаць. Для яго мурал – гэта магчымасць даведацца пра людзей у Менску і даць ім нешта ад сябе. «Жыццё – гэта пра абмен. Пра гэта і мурал», – кажа ён.
Бразільскі мастак амерыканска-японскага паходжання. Ва ўзросце шасці месяцаў ягоная сям’я пераехала ў Сан-Паўлу, дзе ён жыў да нядаўняга часу. Цяпер мае майстэрню ў Берліне. З 2007 года Імаі Юск выстаўляецца ў галерэях і на вуліцах па ўсім свеце – ад Аўстраліі да Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі.
Ягоныя працы – гэта выкшталцона стылізаваныя фігуры з ягонага ўяўлення і міфалогіі. Атмасфера – цёмная і неадназначная. Часцяком Імаі Юск малюе жывёлінаў з чалавечымі формамі і наадварот. Нельга сказаць адразу, што ягоная карціна значыць: ты глядзіш і губляеш першапачатковы вобраз, затым прыходзіш зусім да іншага разумення працы. Ягоныя работы за іх сімвалізм параўноўваюць з творчасцю Густава Клімта, таксама ёсць паралелі з сюррэалізмам Макса Эрнста і Жуана Міро. Ну і японскі след пакідае адбітак на ягонай творчасці: традыцыйныя шрыфты, манга – усё, на чым расло гэтае дзіця свету.
Назва мурала: “Improvisação na parede” / “Імправізацыя на сцяне”
Мурал зроблены з выкарыстаннем спрэю MTN 94 aд Montana Colors і акрылавай фарбы Condor, пры фінансавай падтрымцы Belavia
Вялiкi дзякуй усiм валанцерам, якiя дапамагалі ў стварэнні мурала!