1 верасня (пятніца). Preparty @ «На Пляже»
Свята пачынаецца ў вечар пятніцы, за дзень да асноўных урачыстасцяў, на ажыўленай Зыбіцкай. Ля рыкі-цікі-бара «На Пляже» збярэцца разміначная батэрыя батукады – бразільскага перкусійнага аркестра, які страпяне эпіцэнтр бадзякаў бадзёрымі этнічнымі мульцірытмамі. Пасля вечар працягне рэзідэнт берасцейскай «Каровы», удзельнік асноўнай праграмы закрыцця і наш добры сябра DJ Remm. Уваход на ўсе відовішчы вольны.
21:00 Raccoon Batucada & Samba Real Show
23:00 DJ Remm
______________________________________________________________

2 верасня (субота)
24-гадзіннае закрыццё Vulica Brasil
Сёлета Vulica Brasil замахваецца на ўлюбёны фармат усіх заправак – day’n’nite. Фестываль мае пачацца а 12-й 2 верасня і скончыцца ў наступны поўдзень. Канцэпцыя фэсту даволі цікавая. Гэта лічба 4. Чацвёрты раз бразільскія і беларускія мастакі малююць муралы, чатыры пары сутак – дзень, вечар, ноч, раніца – створаць чатыры розныя настроі фестывалю, чатыры музычныя сцэны… Містыка! А цяпер пра гэта падрабязней.
__________________________________________________________________________________

Live-сцэна
Нязменны атрыбут кожнай «Вуліцы» – гэта жывыя выступы музыкаў. На гэты раз сцэна перамяшчаецца ў самую глыбіню Кастрычніцкай – да мурала Bazinato. Памятаеш гэтых лясных звяркоў на жоўтым фоне? Гукам, як і летась, займаецца Soundcafe.
Галоўны сёлетні хэдлайнер – вядомы, напэўна ўсім суайчыннікам, этна-трыа «Троіца». Зараз музыкі рыхтуюць новы альбом і, напэўна, прэзентуюць лайвам некалькі новых кампазіцый. А пакуль паслухай іх чароўны лайв са свежымі трэкамі на Belsat.
Працягне этна-лінію вечара гурт Shuma, які ператворыць рутсавыя песні беларусаў у пульсуючае тэхна. Таксама чакаем CherryVata з новым альбомам, інструментальных віртуозаў Taran Trio, праніклівую гітарную лірыку ад Ana Zhdanova, афрабеларускі псіхадэлік-рэгі-драйв ад Afrococoa, фанк-соўл-бразэрс-экспірыенсы Dzie Mora? і Vibeclub, эксперыментальны рэгі-рок Postoronnih Net, разухабісты ска-панк Skarlet, рэтраўэйв-суперстараў Minsk’81 і электронных эксперыментальшчыкаў Dirty Owl і I/DEX. Раніцу агучыць гітарным лайвлупінгам Triangle.
Яшчэ адна разынка вечара – вялікае карнавальнае шэсце батукады па ўсёй Кастрычніцкай з удзелам каля паўсотні батэрыстаў і самба-перформераў. Хада скончыцца ля лайв-сцэны імправізацыйным джэмам з Vibeclub і бразільскім мастаком Рымонам Гімарайсам.
12:00 Ana Zhdanova 13:00 Afrococoa 14:30 Dzie Mora? 15:25 CherryVata 16:40 Skarlet
18:40 Vibelclub + Batucada + Rimon Guimaraes 19:00 афіцыйная частка, передача артыстамі ўсяго створанага мастацтва Менску на дзень народзінаў
20:00 Этна-трыа «Троіца» 21:00 Taran Trio 21:50 Vibeclub 00:00 Shuma feat. I/DEX 02:00 Minsk ’81
03:30 Dirty Owl 04:30 I/DEX 06:00 Triangle 10:00 Postoronnih Net 11:00 Morning Batucada
______________________________________________________________

Batucada Vulica Brasil
Падчас шэсця батукады – аркестра барабаншчыкаў – усе астатнія сцэны замруць, каб адчуць моц карнавальнага дробату. Парад арганізоўваюць маскоўская і менская школы самбы Samba Real і Raccoon Batucada са свабодным удзелам усіх жадаючых. Сведкі рэпетыцый кажуць, што 50 драмераў у адным рытме – неверагоднае відовішча. Чакаем!
18:00 Batucada Vulica Brasil (па ўсёй даўжыні вуліцы)
______________________________________________________________

DJ-сцэна
Дыджэйская сцэна сёлета таксама стракаціць музычнымі напрамкамі. Басанова, фанк, лаціна, трапічныя грувы, рэгі, бэйлі фанк, тропікал бэйс, хаус, тэхна – не хапае толькі Шуфуцінскага на раніцу 3 верасня.
Як і ў лайнапе лайв-сцэны, тут таксама праглядвае лінія чатырох частак сутак. Калі ўдзень граюць лёгкія рытмы Pozniak, Remm, Максіма Шуміліна, Ніка Казанцава, Пракопа, Popopyaty і By Soulfam Baile Edtion, то вечарам зарадзяць ламанага драйву бразільцы Yek Tamarek і браты OSGEMEOS, літоўскі соўлмэйт Stereobeaver і беларускія сябры Alex D, Laurel, Papa Bo Selektah і KorneJ. Далей заступае тэхна ад Morgotika, Sabina Muller, Likedill і праекта «Сияние», ад імя якога выступяць ShumaBoy, Azbukin і I.F.U. Пачыліцца раніцай можна будзе пад сэты DJ Designer і DJ Shuffle.
Спот размесціцца там жа, дзе і летась, – на паркінгу ля ENZO пад муралам Рамона.
12:00 Pozniak 13:15 Remm 14:00 Максім Шумілін 14:45 Nick Kazantsev 15:45 Alex D 16:30 Popopyaty 17:00 By Soulfam Baile Edtion (live)
17:45 Prokop Jnr 19:00 афіцыйная частка, передача артыстамі ўсяго створанага мастацтва Менску на дзень народзінаў 19:40 Ник Черний 20:30 Laurel 21:30 KorneJ
22:15 Yek Tamarek (BR) 23:15 OSGEMEOS (BR) 01:00 Stereobeaver 02:00 Papa Bo Selektah 03:00 Shumaboy 04:00 I.F.U.
05:00 Morgotika 06:30 Azbukin 07:30 Sabina Muller 08:45 Likedill 10:00 DJ Designer 11:00 DJ Shuffle
______________________________________________________________

Dance-сцэна
Гэтым разам рытмічныя малюнкі целам будзем выпісваць ля ганка Moby Dick. Там размесціцца імправізаваная dance area, якая сёлета будзе мець статус паўнавартаснай сцэны. Днём чакаюцца майстар-класы і перформансы ад Copacabana Dance Studio, якая прадставіць рэгетон, самбу іафра. Фаро, макулеле і капаэйру прэзентуе FICAG. Ліндзі-хопам, блюзам і кізомбай зоймецца студыя танца Kvartal. А Олівер з Afrococoa станцуе з вучаніцамі афрыканскі танец азонту.
Увечары танцпол захопяць брэйкдансеры, якія зладзяць чэмпіянат па вулічных танцах «Свабода стылю». Прызавая намінацыя – бясплатная паездка і права на ўдзел у буйным кіеўскім брэйкінг-фэсце Battle School. Шукай усю інфу пра чэмп і форму для рэгістрацыі тут. За дыджэйскі пульт стануць Micbeatz, Maxgreat, Max Fil, а таксама браты OSGEMEOS, якія ў мінулым таксама былі актыўнымі бібоямі. На майку – Саша Кіеня. Пасля туса плаўна перарасце ў афтэрпаці да раніцы.
12:00 Forró 12:45 Maculelê 13:15 Lindy, Blues, Kizomba
15:00 Capoeira (live) 16:30 Reggaeton, Samba (w. Samba Real), Afro
17:30 Azonto 19:00 афіцыйная частка, передача артыстамі ўсяго створанага мастацтва Менску на дзень народзінаў
20:00 – 06:00 Чэмпіянат па вулічных танцах «Свабода стылю» + afterparty 06:00 Gata
______________________________________________________________
Jam-сцэна + кіно
На чыловым лужку ля Space з іншага боку МЗКР арганізатары запрашаюць прыняць удзел у спантанным музычным джэме. Прынось свае любімыя укулеле і саксафоны і далучайся да кампаніі імправізатараў.
Увечары, дарэчы, там пакажуць дакументалку Vulica Brasil, мувік Street River пра тое, як бразільскія мастакі працавалі ў лясах Амазоніі, а таксама анімацыйнае кіно Uma História de Amor e Fúria («Рыа 2096: гісторыя кахання і лютасці»), алегарычную сагу пра гісторыю Бразіліі, якая павыйгравала кучу прэмій.
Таксама кіно будуць паказваць на арт-грузавіку Марата RGB. Пра яго галерэю на калёсах мы пісалі ў арт-праграме фестывалю.
14:00 Jam sessions
21:00 Прагляд кіно Street River і Uma História de Amor e Fúria
______________________________________________________________

Skate & Chill park
Пад самымі сценамі муралаў Рамона і Імая Юска размясціцца экстрым-пляцоўка з рампай, дзе пройдзе чэмпіянат па скейтбордзінгу (у тым ліку з удзелам бразільскіх скейтараў), бегавеламі для дзетак і чыл-зонай. Прастору стварае Беларуская федэрацыя скейтбордзінгу, якая трохі пазней распавядзе нам пра свой спот падрабязней.
______________________________________________________________

«Пастарнак»
Там жа, побач са скейт-зонай, шукай экамаркет «Пастарнак». «Зялёныя» гандляры арганізуюць невялікі вегетарыянскі фуд-корт, зладзяць варкаўт-спаборніцтвы, падбяруць для цябе экакасметыку, не парушыўшы жыццё ніводнай жывёлінкі. А ў дадатак яшчэ арганізуюць разам з «Верхам» лаўнж-зону. З раніцы прыходзь з ёга-кілімчыкам на медытацыю.
______________________________________________________________

Kid-зона
Дзіцячая пляцоўка змесціцца сёлета паміж «Астронімам» і муралам Speto. З 12:00 да 19:00 «Дзіцячыя творчыя майстэрні галерэі “Ў”» пад творчым кантролем стрыт-артыста Базыля малююць разам з дзеткамі вялікі «горад будучыні». А «Школа архітэктурнага мыслення» разам з дзеткамі спраектуе вялікі папяровы горад з дамамі, школамі і музеямі. Прыводзь свайго маленькага Осджэміуса з Лаўрэнсам.
______________________________________________________________

Танцавальная экскурсія па муралах Кастрычніцкай
Валерыя Хрыпач, танцорка і менеджарка тэатра танца SKVO, запланавала сапраўды маштабную з’яву. Яна запрасіла дзевяць беларускіх перформераў, якія станцуюць свежаствораныя муралы і скульптуры на Кастрычніцкай. Цягам некалькіх тыдняў артысты глядзелі на працэс стварэння, гутарылі з мастакамі, а цяпер на закрыццё гатовыя прадставіць танцавальную інтэрпрэтацыю. «У кожнага свой кантэмпрары-дэнс» пройдзе некалькімі экскурсіямі, на якія можна запісацца па спасылцы.
План экскурсіі:
Мост Рымона – Валерыя Хрыпач (SKVO’s dance company)
Працяг мурала Рамона – Ірыніка Басалаева (Structures) і Наста Някрасава (Nezh Dance Company)
Дошка гонару МЗКР і галерэя аднаго фота – дуэт Кірыла Балтрукова (SKVO’s dance company) і Марыны Лашкінай (харэографка з Кішынёва)
Сцяна Кірушчанкі – Сяргей Паяркоў і Structures
Мурал Bazinato – Вольга Скварцова (SKVO’s Dance Company) і Вольга Лабоўкіна (Karakuli)
Скульптура «Эхо» – Ірына Шырокая (Skyline Dance Theater)
Экскурсаводы – Валерыя Хрыпач і Георгій Заборскі
______________________________________________________________

«ИнЖест»
Сюррэалістычны тэатр Вячаслава Іназемцава выпусціць на Кастрычніцкую паўвыспу сваіх Чужых. Калі гэта адбудзецца і дзе – трымаецца ў сакрэце, але дакладна яны ўжо сярод нас.
______________________________________________________________

Маркеты
Тэрыторыя фэсту пакрыецца некалькімі маштабнымі кірмашамі, дзе можна будзе пакаштаваць унікальныя фірмовыя стравы ад вядомых кейтараў Менска, прыдбаць сэкандавую цішотку на барахолцы ці выбраць які-небудзь нішцяк ручной работы. Фуд-кортам і крафтавым маркетам сёлета руліць гастранамічная актывістка Каця Роўба, а гэта значыць, што кожны трэйдар будзе стылістычна дапасаваны да канцэпцыі фестывалю, а таксама прадставіць спецыялет, які ён раней не рабіў. Бразільская фэйжуада, дамашнія джэмы, бургеры з бразільскім соусам – плануецца каля 20 удзельнікаў, кожны з якіх дадасць бразільскі элемент у сваю кухню. Шукай ежу на паркоўцы ля ENZO. На фэсце таксама будуць наліваць півасік «Лідскае», галоўны спонсар арт-дзвіжа.
Уздоўж сцяны «ЦЭХа» расцягнецца невялікі маркет гарадскіх мэйкераў, на якім можна будзе прыдбаць упрыгожванні, вопратку лакальных брэндаў і іншыя нішцякі ручной работы, а з іншага боку ад пастамента Леніна і да Moby Dick барахолка «Open Шкаф» раскіне свае развалы. Дарэчы, ты таксама можаш пагандляваць старым адзеннем з шафы, для гэтага пішы Ані Марынкінай у свабоднай форме на openshkaf@gmail.com ці адразу тэлефануй 8 029 391-48-71.
______________________________________________________________
Арт-шоп
Сёлета зноў прыгоняць праславутыя трамваі, на якіх падчас фэсту абновяць малюнкі. Гэта зробяць OSGEMEOS з тусоукай беларускіх райтэраў-ветэранаў. На закрыцці ў адным з трамваяў размясціцца арт-шоп, дзе будуць прадавацца працы бразільскіх і беларускіх удзельнікаў– карціны, фотаздымкі, скетчы, а таксама экалагічныя аксесуары Vulica Brasil, зробленыя з банераў леташніх фэстаў. Нарэшце можна злавіць гэтыя фірмовыя гаманцы.
A post shared by Vulica Brasil (@vulicabrasil) on Sep 8, 2016 at 9:51am PDT
______________________________________________________________
3 верасня. Afterparty @ «На Пляже»
Завершыцца бразільскі марафон сяброўскай афтэрпаці зноў жа на пляжным астраўку на Зыбіцкай. Пачне вечар джэм-калабарацыя беларускіх соўл-джэдаяў з Vibeclub і маскоўскіх самба-спевакоў. За дыджэйскі складнік вечара адказвае літоўскі хэнговер-джэдай Stereobeaver.

Як і на любое масавае мерапрыемства, не прынось з сабой нічога недазволенага. Ровары можна будзе прышпыліць на паркоўцы ля ўвахода на фэст. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.
Фота by Gustav Goodstuff, tut.by, color.by, relax.by, euroradio.by
Матэрыял ўзяты з 34mag.net